НАРО́ДНА-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПА́РТЫЯ АФГАНІСТА́НА (НДПА),

партыя ў Афганістане з сярэдзіны 1960—90-х г. Засн. 1.1.1965 групай афганскіх інтэлігентаў-марксістаў. З 1967 падзялілася на фракцыю «Хальк» («Народ»), якая стаяла на крайне левых пазіцыях, і больш памяркоўную «Парчам» («Сцяг»). У 1977 абедзве фракцыі аб’ядналіся, фактычна захаваўшы самастойнасць. Захапіўшы ў 1978 уладу, НДПА абвясціла Дэмакр. Рэспубліку Афганістан на чале з лідэрам «Хальк» Н.М.Таракі. У выніку міжфракцыённых супярэчнасцей у 1978—79 многія члены «Парчам» былі рэпрэсіраваны. Пасля ўводу ў Афганістан у снеж. 1979 сав. войск з іх дапамогай да ўлады ў НДПА і краіне прыйшоў лідэр «Парчам» Б.Кармаль, які ў 1986 быў адхілены М.Наджыбулой. Ў 1990 НДПА афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму і прыняла назву Партыя «Ватан» («Айчына»). Пасля захопу Кабула ў 1992 маджахедамі (гл. Муджахіды) спыніла існаванне.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)